Опубликовано 28.07.2023 г.
Магічная сіла «керасінкі»
Захапляцца «керасінкамі» Алена Яраславаўна пачала з дзяцінства. У бабулінай хаце ў Докшыцкім раёне на Віцебшчыне іх часта запальвалі, калі не было святла. У вёсцы Барсукі засталося шмат прадметаў сялянскага побыту: саматканыя ручнікі, абрусы, рарытэтныя гаспадарчыя рэчы, радавая ікона бабулі Магдалены 1884 года. Частку скарбаў, пакінутых продкамі ў спадчыну, наша гераіня перавезла ў Гасцілавіцкі сельскі дом культуры Лагойскага раёна, дзе працуе. Цяпер гісторыю цікавых прадметаў даўніны вывучаюць мясцовыя школьнікі. Зазірнулі да збіральніцы цікавых скарбаў і мы.
Калекцыю лямп яна пачала збіраць прыкладна 20 гадоў таму. Сёння ў экспазіцыі іх больш за 30, знаходзяцца ў асобным пакойчыку Гасцілавіцкага дома культуры. Кожная мае сваю гісторыю. Першая засталася Алене Яраславаўне ад бабулі Марыі Іванаўны Яцкоўскай.
— Мноства экспанатаў прывезла з Віцебшчыны, — расказвае Алена Сайко. — Вось гэтыя цяжкія ліхтары з Рыгі, ёсць нават чыгуначны. А таксама «керасінкі», якія даўней называліся «кажаны», або «лятучыя мышы», бо іх можна было не толькі ставіць на стол, але і падвешваць на крукі. Гойдаючыся ў паветры, лямпы нагадвалі жывых істот.
Адкуль цікавасць да прадметаў, што даўно выйшлі з сучаснага побыту? Алена Яраславаўна прызнаецца, што свет керасінавай лямпы — сувязь з продкамі, нешта дарагое і блізкае для яе:
— Калі на нашым хутары зусім не было святла, бабуля запальвала «керасінку». Агеньчык нёс у сабе нейкую магічную сілу. Сёння хачу захаваць скарбы глыбокай старажытнасці для дзяцей і ўнукаў. Продкі карысталіся такімі рэчамі, якіх сучасная моладзь у вочы не бачыла. Мая задача — паказаць гэта.
Над іржавымі лямпамі аматарцы «керасінак» прыходзіцца нямала папрацаваць: ачысціць ад бруду, пафарбаваць. Бывае, гэта займае тыдзень, а можа, амаль і цэлы месяц. Алена Яраславаўна ўспамінае, як аднойчы так адчысціла і пафарбавала лямпу, што доўгі час нават баялася яе запальваць. «Керасінкі», якія дзесяцігоддзямі пыліліся на гарышчах хат, даходзяць да сучаснай збіральніцы няспраўнымі, вось гаспадыні і прыходзіцца іх рамантаваць.
Аднак не толькі ліхтарамі ды лямпамі можа пахваліцца Алена Сайко: сапраўдная захавальніца гісторыі па архівах, старадаўніх метрыках, што знаходзіла ў храмах на малой радзіме, узнавіла свой радавод да сёмага калена. Асабліва яе цікавіла вывучэнне жаночай лініі. А яшчэ культработнік збірае старадаўнія фотаздымкі вясельных убораў.
— Шлюбныя сукенкі нашых бабуль вельмі цікавыя для нас сёння, — расказвае Алена Яраславаўна. — Аказваецца, у кожнай вёсцы была свая мода. Падчас даследавання даведалася: галаўному ўбору ў Докшыцкім раёне надавалася вялікае значэнне, а вось абутак адыходзіў на другі план. Напрыклад, на адным здымку бачым: у нявесты на нагах звычайныя боты.
Фото: Алексей ВЯЗМИТИНОВ
Ссылка на источник: https://www.sb.by/articles/magichnaya-sila-kerasinki.html
Публикация сайта для коллекционеров.
Культработник из Логойского района собирает уникальные керосиновые лампы и изучает старинные свадебные наряды