- ЗВЯЗДА, 25 кастрычніка.
- Аўтар:
- Дзіяна Роніна
Далёка не ўсе разумеюць, што прымушае людзей збіраць калекцыі і ў чым тут цікавасць і азарт. Мы вырашылі паразмаўляць з калекцыянерамі, каб даведацца, што яны збіраюць і навошта.
Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» Леанід Турын
Гэтымі днямі Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне калекцыянераў правяло ў сталіцы дзясяты злёт, які сабраў уладальнікаў самых розных калекцый з усёй краіны. Былі і госці з-за мяжы.
— Наша аб’яднанне калекцыянераў падтрымлівае і развівае цікавасць у шырокіх пластоў насельніцтва да захавання гістарычнай спадчыны Беларусі і сусветнай культуры, — распавядае старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання калекцыянераў Барыс Васільеў. — Мы яднаем энтузіястаў-збіральнікаў прадметаў побыту, гісторыі і мастацтва.
Філатэлісты, нумізматы, фалерысты…
Першае аб’яднанне калекцыянераў з’явілася ў Беларусі ў далёкім 1958 годзе, расказвае Барыс Анатольевіч. Да 1979 года яно аб’ядноўвала ў асноўным філатэлістаў — людзей, якія калекцыяніруюць маркі. А ў 1980-м утварылася Мінскае рэгіянальнае аб’яднанне калекцыянераў, якое ў далейшым і пераўтварылася ў Беларускае рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне калекцыянераў. Калі гаворка ідзе пра прыватныя калекцыі, хутчэй за ўсё, у не спецыяліста ўзнікаюць асацыяцыі з палотнамі знакамітых жывапісцаў коштам у мільярды долараў. Ну, або з калекцыяй марак з уласнага дзяцінства. Насамрэч, разнавіднасцяў кірункаў калекцыянавання існуюць дзясяткі. Філатэлісты збіраюць маркі і паштовыя адпраўленні, нумізматы — грашовыя знакі (манеты і «папяровыя» грошы), філакартысты — паштовыя карткі і паштоўкі, фалерысты — медалі і значкі, прасафілісты — уявіце сабе, прасы. Апошніх не варта блытаць з прэсафілістамі: амаль цёзкі калекцыяніруюць старыя газеты і часопісы. Самыя экзатычныя напрамкі калекцыяніравання — напрыклад, цэгла (так, цагліны таксама могуць стаць асновай найцікавай калекцыі). Або фігуркі анёлаў. Або статуэткі катоў… У Мінску ёсць жанчына, у калекцыі якой больш за 5 тысяч фігурак катоў, а ў Барысаве яшчэ адна дама-калекцыянер сабрала ўнікальную калекцыю з больш як 3000 лялек, у кожнай з якіх свая гісторыя (прычым некаторыя экзэмпляры нашмат старэйшыя за сваю цяперашнюю гаспадыню).
— Калі чалавек уступае ў нашае аб’яднанне, мы даем яму памятку, — кажа Барыс Анатольевіч. — У ёй указаны 88 напрамкаў калекцыяніравання. Але звычайна інтарэсы калекцыянераў ляжаць не ў адным, а ў некалькіх кірунках — такіх мы аб’ядноўваем у секцыю поліфілістаў, і іх у нас каля паловы.
На сёння, расказвае суразмоўнік, аб’яднанне налічвае каля 600 чалавек. Але гэта не адзіная супольнасць калекцыянераў у краіне. Напрыклад, ёсць клуб калекцыянераў «Юнона» ў Гомелі, ёсць ГА «Беларускі саюз філатэлістаў», ёсць буйны нумізматычны клуб «Скарбонка» ў Гродне і г. д. А больш за ўсё калекцыянераў пражывае ў Брэсце — там у рэспубліканскага аб’яднання вялікая абласная секцыя.
Рэгіянальныя злёты аб’яднанне праводзіць штогод, але рэспубліканскія ў сталіцы і з гасцямі з-за мяжы — раз на пяцігодку. Так што нам пашанцавала. Тым больш, што сёлета ў калекцыянераў аншлаг.
— Не ўсім ахвотным хапіла сталоў для іх калекцый, — кажа старшыня праўлення БелРГАК. — Шчыра кажучы, не чакалі такога наплыву ўдзельнікаў — з усіх рэгіёнаў краіны, плюс замежныя госці, у тым ліку калекцыянеры з Масквы, Смаленска.
Асаблівы свет
Што прымушае людзей збіраць што б там ні было? Знаходзіць свой час, сілы і фінансы на папаўненне калекцыі?
— Тут сукупнасць прычын, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Пачынаецца ўсё з таго, што нейкі прадмет чалавеку проста падабаецца. Але потым, калі казаць аб сур’ёзных калекцыях, прыходзіць этап удумлівай гістарычнай працы. Усіх нас, калекцыянераў, аб’ядноўвае любоў да гісторыі ў спалучэнні з уменнем бачыць і адчуваць прыгажосць. Над стварэннем марак, манет, медалёў і ордэнаў заўсёды працуюць спецыялісты, там свае законы, свая графіка, свая прыгажосць… Адна з нашых задач — паказаць гэтую прыгажосць людзям, навучыць іх заўважаць і разумець яе. То-бок, зрабіць калекцыю камунікатыўнай. Зацікавіўшыся, калекцыянер пачынае вывучаць гістарычныя матэрыялы, працаваць у бібліятэках і архівах, бо сістэматызацыя калекцыі — вялізная праца. А нядаўна ў нас быў такі выпадак: калекцыянер з Брэста набыў медаль і, вывучаючы яго гісторыю, знайшоў чалавека ў Кыргызстане, які быў узнагароджаны гэтым медалём. Праз пасольства мы перадалі гэты медаль ягоным сваякам…
«Які ж музей без нездаровага інтарэсу? Здаровы інтарэс бывае толькі да вяндліны», пісаў Сяргей Даўлатаў. Сапраўды, калекцыяніраванне — свайго кшталту «хвароба», усміхаючыся, пацвярджае суразмоўца. І сапраўды, часта прыватныя калекцыі людзі перадаюць у музеі.
— Як любое сур’ёзнае хобі, гэта зацягвае, гэта асаблівы свет. Калі трымаеш у руках рэч, якой 200–300 гадоў, далучаешся да гісторыі. Магу дакладна сказаць: у старажытных прадметаў ёсць душа, асаблівая аўра, якую можна адчуць. Любы прадмет з калекцыі захоўвае ў сабе пэўныя эмоцыі. І гэта прыносіць радасць.
Нумізматыка — адзін з напрамкаў стварэння прыватных калекцый
Калекцыяніраванне — хобі інтэлектуалаў. Многія знакамітыя навукоўцы былі схільныя да гэтага захаплення. І многія музейныя калекцыі некалі пачаліся менавіта з калекцый прыватных. Гэтую традыцыю беларускія калекцыянеры працягваюць.
— Мы такія акцыі праводзім рэгулярна: перадаем у розныя музеі Беларусі экспанаты ад брэсцкіх калекцыянераў, — кажа старшыня Брэсцкай рэгіянальнай секцыі калекцыянераў БелРГАК Сяргей Валяеў.
— І менавіта прыватная калекцыя паклала пачатак вельмі цікаваму музею прыватнага калекцыяніравання ў Віцебску, — дадае Барыс Васільеў. — Свежы прыклад: літаральна днямі мы ўзнагародзілі нашага самага тытулаванага на сёння калекцыянера, Арлова Аляксандра Пятровіча, які больш за 65 гадоў збіраў рэдкія манеты. Сваю калекцыю ён падарыў у Дзень горада Музею гісторыі Мінска. Сёння яна экспануецца ў ратушы. А ў цэлым цяпер па ўсёй Беларусі экспануем каля 10 калекцый нашага аб’яднання.
Аб кошце і каштоўнасці
Адкуль калекцыянер бярэ рэдкія экземпляры патрэбных яму, часам дзіўных (як, скажам, старадаўнія праязныя білеты) рэчаў, якія не загінулі ў бурным моры гісторыі? Бо ні ў адной краме такога не купіш…
— Інтэрнэт-рэсурсы, аўкцыёны — іншага шляху няма, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Гэта і Поле цудаў так званае, дзе нешта можна знайсці. Хоць усё залежыць ад прадмета калекцыянавання — дарагія рэдкія манеты, напрыклад, на барахолцы прадаваць ніхто не будзе.
Кожны калекцыянер адкрывае крыніцы папаўнення калекцый для сябе сам. Працуе ў бібліятэках і архівах, каб разумець, якія рэчы ўяўляюць гістарычны інтарэс, а якія — не. Мае зносіны з калекцыянерамі ў нашай краіне і па ўсім свеце.
Ну, а можа проста пашанцаваць. Напрыклад, калекцыянер з Мінска Андрэй Пелы расказвае, як яму дасталіся некалькі газет часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія выпускаліся ў партызанскіх атрадах.
— У кожным раёне быў свой падпольны райкам партыі, і кожны выпускаў газету. Тыражы такіх газет былі вельмі маленькімі. І вось у нашы дні людзі разбіралі старую хату і на гарышчы знайшлі пачак такіх газет. Так бывае.
Каштаваць калекцыі могуць па-рознаму: ад ста рублёў да сотняў тысяч долараў. Ну, а для кожнага калекцыянера яго калекцыя — каштоўная і неацэнная.
Паштоўкі, канверты і маркі могуць «расказаць» нямала гісторый
— Камусьці ўсё гэта каштоўна, а для кагосьці нічога не варта. Напрыклад, старымі газетамі або плакатамі людзі, не паглядзеўшы і не разабраўшыся, могуць і печку распаліць, на жаль, — кажа Андрэй.
Ну, а калі казаць аб аб’ектыўным кошце такіх экспанатаў, то каштоўнасць манеты, напрыклад, залежыць ад тыражу — чым ён быў менш, тым больш рэдкай з’яўляецца рэч. Брак або памылка друку на манеце ці «паперцы» павышае каштоўнасць экспаната, распавядае Сяргей Валяеў (яго сфера інтарэсаў — якраз нумізматыка).
Або вось вам задачка: у Савецкім Саюзе некалі была выпушчана серыя паштовых марак наміналам 1 капейка, 2, 4, 10 і 20 капеек. Якая з іх будзе самай рэдкай і найбольш каштоўнай для філатэліста?
— Самай рэдкай з марак у дадзеным выпадку будзе тая, што за 4 капейкі, — тлумачыць Барыс Васільеў. — Чатыры капейкі — гэта быў тарыф на адпраўленне ліста, гэтыя маркі клеіліся на канверты і знікалі разам з імі, выкідваліся. Таму сёння іх захавалася мала. А маркі па 20 капеек засталіся на руках.
Чым менш захавалася марак, тым вышэйшы іх кошт — часам ён можа даходзіць да тысяч даляраў у эквіваленце. І перш чым быць прададзенай або набытай, такая марка праходзіць экспертызу — бо трэба ж быць упэўненым, што рэч сапраўдная. З дапамогай мікраскопаў і спецыяльных прыбораў ацэньваецца колькасць зубцоў, якасць паперы, іншыя параметры.
Адбітак у душы
Калекцыя ўяўляе цікавасць, калі праз прадметы глыбока раскрываецца нейкая тэма, кажуць калекцыянеры.
— Напрыклад, калі я пачуў пра калекцыю праязных білетаў, адразу падумаў, што гэта не надта цікава, — распавядае Барыс Васільеў. — Але потым, пазнаёміўшыся з пытаннем і паглядзеўшы відэа гэтага калекцыянера на Ютуб, зацікавіўся. Унікальная калекцыя, сабраная ім, расказвае гісторыю развіцця грамадскага транспарту. Ён валодае найцікавымі гістарычнымі звесткамі, а яго калекцыі пазайздросціць любы музей транспарту. Уласна, яго калекцыя — гэта ўжо гатовая музейная экспазіцыя.
Прыклад сур’ёзнай гістарычнай працы — калекцыя марак старшыні Брэсцкага абласнога аб’яднання ГА «Беларускі саюз філатэлістаў» Леаніда Турына, прысвечаная бітве пад Масквой у 1941 годзе.
— Калекцыя заўсёды патрабуе вялікай працы, — распавядае ён. — Некаторыя з калекцыянераў нават абараняюць дысертацыі па гісторыі на аснове сваіх калекцый.
У калекцыі Леаніда Рыгоравіча, якую ён прывёз на злёт, каб зрабіць тэматычную выставу — напрыклад, канверт з выявай Жукава, выпушчаны яшчэ пры жыцці Маршала Перамогі, а таксама картмаксімум «Парад на Краснай плошчы 7 лістапада 1941 года» — рэдкая рэч музейнай каштоўнасці. І ўнікальная марка з выявай станцыі метро Маякоўская, дзе ў 1941 годзе праходзіла ўрачыстае пасяджэнне ўрада перад 7 лістапада.
— А гэты раздзел калекцыі прысвечаны Рыхарду Зорге, — кажа Леанід Рыгоравіч. — Калі спытаць сто сучасных падлеткаў, хто гэта такі, адкажуць, думаю, чалавекі два ці тры. Між тым, дзякуючы яму 16 дывізій з Далёкага Усходу былі перакінутыя пад Маскву ў 1941 годзе, і, можа, менавіта гэты крок шмат у чым вызначыў перамогу савецкіх войскаў. Аб Зорзе ўспомнілі толькі ў 1965 годзе, і тады выйшла марка, прысвечаная яму. Вось яна. А гэта — блок (гэта значыць, вялікая марка), які быў выпушчана ў ГДР.
Суразмоўца кажа, што праз філатэлію можна далучаць моладзь да больш глыбокага вывучэння гісторыі сваёй краіны.
— У канцы верасня дзякуючы садзейнічанню РУП «Белпошта» мы правялі ў Брэсце юнацкую выставу «Юніфіл-2023», — распавядае ён. — Многія дзеці збіраюць маркі, трэба іх проста арганізаваць. Было ўрачыстае адкрыццё з удзелам міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана, быў мэр горада і прадстаўнікі аблвыканкама, былі замежныя госці — з Расіі, Арменіі. Госці былі вельмі ўражаныя ўзроўнем арганізацыі мерапрыемства — за гэта дзякуй, вядома, «Белпошце».
Леанід Турын адзначае, што сярод калекцый моладзі ён вылучыў бы сабраную студэнткай каледжа Ганнай Баюра (яна працавала над ёй разам з дзядулем). Калекцыя картак, канвертаў, значкоў і медалёў прысвечана Брэсцкай крэпасці. Як чалавек выбірае тэму для сваёй калекцыі? Нешта з прачытанага або ўбачанага на экране пакінула адбітак у душы. Або нешта проста адгукаецца радасцю ў сэрцы. Самая юная ўдзельніца Х злёту калекцыянераў Беларусі, Варвара Міхасёнак, прывезла з Маладзечна частку сваёй калекцыі фігурак коней. Кажа, захапілася верхавой яздой — і адначасова пачала збіраць такія фігуркі. Цяпер у яе іх каля 60, і калекцыя будзе расці.
— Як наведвальнікі і сур’ёзныя калекцыянеры ставяцца да тваёй калекцыі?
— Па-рознаму. У кагосьці яна выклікае здзіўленне, нехта абыякава праходзіць міма. Я не крыўдую, стаўлюся па-філасофску. Хтосьці нават супраць такой несур’ёзнай калекцыі: кажа, не траць на гэта грошы, купі лепш што-небудзь патрэбнае. Але большасць мяне разумеюць. Бо калі я прадам або вырашу падараваць некаму фігуркі з сваёй калекцыі коней, я буду сумаваць. Не магу з імі развітацца!
Дзіяна РОНІНА
Ссылка на источник: https://zviazda.by/be/news/20231025/1698240471-zbiralniki-i-palyaunichyya-shto-i-navoshta-kalekcyyaniruyuc-lyudzi